ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ, тэрэўсат,

прафесійны або паўпрафесійны агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр. Існаваў у 1919—22. Меў на мэце сродкамі тэатр. сатыры па-рэвалюцыйнаму выхоўваць масы, выкрываць заганы капіталіст., а таксама сацыяліст. грамадства. Гал. ўвага звярталася на агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць мастацтва. Рэпертуар складаўся з аднаактовых агітп’ес, сатыр. паказаў на міжнар. тэмы, агітсцэнак, аглядаў, пародый і куплетаў, дэкламацыі, танцаў, харавых спеваў. За вечар выконвалася 12—15 нумароў. На Беларусі дзейнічалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры (першы тэатр такога тыпу) і Мінскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)